Сакавіцкі форум - 2018
Дарагія калегі!

Фонд «Новая Еўразія» запрашае вас спрычыніцца да падрыхтоўкі і правядзення маштабнага мерапрыемства – Форума актыўных людзей «Сакавiцкiя сустрэчы – 2018». Сёлета Сакавiцкiя сустрэчы далучыліся да серыі мерапрыемстваў, аб'яднаных агульнай мэтай прасоўвання грамадзянскай актыўнасці ў Беларусі:

24 – 25 лютага – хакатон Social Weekend, арганізаваны Фондам «Добра»;

30 сакавіка – майстэрня «Як палепшыць сваю ідэю за адзін дзень», арганізаваная Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog и 34mag;

20 – 21 красавіка – Форум актыўных людзей «Сакавiцкiя сустрэчы – 2018».

Форум «Сакавiцкiя сустрэчы – 2018» – гэта пляцоўка для абмену досведам і наладжвання дыялогу паміж актыўнымі людзьмі, чыя дзейнасць накіраваная на пазітыўныя змены ў грамадстве. Мы вітаем тое, што актывізм апошнім часам набывае разнастайныя формы і праявы, і лічым, што менавіта ў шматаблічнасці суб'ектаў і падыходаў заключаецца сіла грамадзянскай супольнасці. «Сакавiцкiя сустрэчы – 2018» – гэта свята грамадзянскага актывізму: давайце працаваць разам на карысць нашых суграмадзянаў і роднай краіны!

Гісторыя

«Сакавiцкiя сустрэчы – 2018» працягваюць традыцыі свайго папярэдніка – Форума – 2017, які сабраў 222 удзельнікі з 40 вёсак, мястэчак, гарадоў Беларусі для прасоўвання грамадзянскай актыўнасці на мясцовым узроўні праз стварэнне адкрытай пляцоўкі для абмену ведамі, досведам і практыкамі ў сферы развіцця мясцовых супольнасцяў. Цягам двух дзён прайшлі 24 секцыі розных тэматык, і на іх выступілі 90 экспертаў і экспертак.

Мэта Форума – 2018

Падтрымка і распаўсюджванне грамадзянскай актыўнасці ў Беларусі.

Тэма і дэвіз Форума – 2018

Святкуем багацце і разнастайнасць грамадзянскай актыўнасці!

Задачы Форума – 2018

• Прадэманстраваць шматаблічнасць суб'ектаў грамадзянскай супольнасці і формаў грамадзянскай актыўнасці.

• Абмяняцца досведам і лепшымі практыкамі па стымуляванні пазітыўных зменаў у грамадстве на лакальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях.

• Пашырыць міжсектарны дялог і супрацоўніцтва паміж некамерцыйнымі арганізацыямі і ініцыятыўнымі групамі і органамі мясцовай улады і кіравання, бізнесам, даследчымі арганізацыямі, установамі адукацыі, навукі і культуры і СМІ.

Абмеркаваць шляхі павышэння ўкладу грамадзянскай супольнасці ў развіццё краіны і паляпшэння камунікацыі станоўчых вынікаў шырокай грамадскасці.

Форум збярэ больш за 200 ўдзельнікаў: актыўных людзей – прадстаўнікоў некамерцыйных арганізацый і ініцыятыўных груп грамадзянаў, донарскіх і міжнародных арганізацый, устаноў адукацыі, навукі і культуры, органаў мясцовай улады і кіравання, бізнесу, СМІ, незалежных экспертаў і экспертак.

Пад формамі грамадзянскай актыўнасці мы разумеем: грамадзянскую (грамадскую) экспертызу, грамадзянскі (грамадскі) кантроль, перамовы і альтэрнатыўнае вырашэнне праблем, інфармацыйныя кампаніі, грамадскія абмеркаванні, кансультаванне дзейнасці грамадскіх арганізацый, грамадзянскую адукацыю, сацыяльнае праектаванне, лабіраванне інтарэсаў сацыяльных груп, грамадскую дыпламатыю, грамадскія мерапрыемствы, публічныя акцыі і інш.


Прынцыпы Форума:

#1 Інклюзіўнасць

Форум забяспечвае магчымасць удзелу ўсіх зацікаўленных у развіцці грамадзянскай супольнасці на нацыянальным і мясцовым узроўнях.

#2 Партнёрства

Форум – праект, у які арганізацыі-партнёры ўкладаюць веды, досвед і рэсурсы. Падрыхтоўкай займаецца Адкрыты арганізацыйны камітэт.

#3 Інавацыйнасць

Форум выкарыстоўвае і папулярызуе інавацыйныя для Беларусі формы работы грамадзянскай супольнасці.

#4 Нефармальнасць

Форум стварае нефармальную атмасферу для свабоднага абмену думкамі, супрацоўніцтва і радасці ўзаемнай камунікацыі.

#5 Арыентацыя на практыку

Форум прадставіць матэрыялы і вынікі ў зручным для далейшага выкарыстання фармаце.

#6 Адкрытасць

Форум грунтуецца на актыўнай камунікацыі, усе матэрыялы размяшчаюцца ў свабодным доступе.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website